Аб музеі

У велічным некалі сядзібным палацы Шырынаў зараз знаходзіцца музей культуры і быта. Галоўнай задачай музея з'яўляецца вывучэнне, папулярызацыя і захаванне гістарычнай спадчыны нашага краю, а таксама вяртанне асобы беларускага мастака Язэпа Драздовіча ў айчынную культуру.
У музеі чатыры пакоі, адзін з якіх прысвечаны Язэпу Драздовічу і гэта не выпадкова, бо нельга абыйсці ўвагай гэту велічную асобу, якая ў гісторыі мястэчка пакінула значны след.
Драздовіч Язэп Нарцызавіч. Мастак, скульптар, лінгвіст, гісторык, этнограф, пісьменнік, паэт, астраном, настаўнік... Не гледзячы на гэта, яго ўласны лёс не склаўся. Усё жыццё правандраваў у пошуках хлеба, памёр у страшэннай галечы.
Язэп Драздовіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісненскага павета, памер у 1954 годзе. Ён першым увеў у беларускае мастацтва такія плыні, як сімвалізм і мадэрнізм. Ён першым уваскрасіў вобраз легендарнага палачаніна - Усяслава Чарадзея. Ён першым уваскрасіў і вобраз другога палачаніна - Францыска Скарыны, стварыўшы цэлую жывапісную скарыніяну, прэлюдыяй да якой стаў партрэт Ф. Скарыны, напісаны ім у двадцатыя гады. Ён першым стварыў і касмічную тэматыку. Чалавек, які верыў у тое, што там, на іншых планетах, існуе жыццё. Усе ўбачаннае адлюстроўваў на сваіх палотнах. І як сам зазначаў, што прыйдзе час і чалавецтва наведае гэтыя планеты і ўбачыць усё тое, што ён намаляваў. Язэпам Драздовічам напісаны кнігі па праблемах астраноміі "Тэорыя рухаў у касмалагічным значэнні", "Эпліптыка", "Як утваралася сонечная сістэма", "Нябесныя бегі".
Значнае месца ў творчасці мастака займае мастацтва габелену. Менавіта яно і стане галоўным пад час вандроўнага жыцця. Мастак ніколі не паўтараўся ў матывах, вобразах. Кожны яго дыван арыгінальны па-свойму, у залежнасці ад таго, каму прызначаўся. Пералічваць творы Язэпа Драздовіча не мае сэнсу - гэта проста не магчыма з прычыны іх вялікай колькасці і разнастайнасці тэматык.
Язэп Драздовіч - вечны вандроўнік. Іначай назваць яго не магчыма. Вечны, таямнічы, да канца яшчэ не адкрыты.
У пакоі этнаграфіі знаходзяца рэчы традыцыйнага сялянскага побыту, прылады працы, старадаўнія гадзіннікі, прасы і іншае. Гэта не проста рэчы побыту далёкіх продкаў. Гэта прамыя сведкі той эпохі, што здавалася назаўжды пакінула нас.
У пакоі ткацтва сабраны прылады па апрацоўцы лёну і вырабы з яго. Тут мы бачым кросны, мялку, трапло, шчоткі, нажы, матавіла і іншыя прылады.
На сценах калідора размешчаны карціны сучасных мастакоў з відамі Германавічаў. У цэнтры - скульптурная кампазіцыя работы Ігара Голубева "Вечны вандроўнік". Усяго ў музеі захоўваецца 6670 прадметаў, сярод іх 173 творы Язэпа Драздовіча.