Скульптар Ігар Голубеў у Германавічах

Знакаміты беларускі скульптар Голубеў Ігар Уладзіміравіч завітаў ў мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н. Драздовіча.

За дзесяцігоддзі творчай працы Ігар Уладзіміравіч стварыў шэраг скульптурных кампазіцый. Госці і жыхары Мінска маюць магчымасць бачыць  скульптуру Арханёла Міхаіла, якая размешчана на плошчы Незалежнасці, перад будынкам Чырвонага касцёла. Ва ўнутраным дворыку БДУ таксама прадстаўлены працы Уладзіміра Голубева: скульптурныя кампазіцыі “Ефрасіння Полацкая”, “Дыспут: Цяпінскі і Будны”, “Кірыла Тураўскі”

У Траецкім прадмесці  ўсталявана скульптура “Вечны вандроўнік”, прысвечаная нашаму земляку Язэпу Драздовічу, аналагічная – ў нашым музеі, які носіць імя гэтага выдатнага мастака,  этнографа, пісьменніка, археолага, астранома.

Патрэбна адзначыць, што помнік Язэпу Драздовічу – гэта дыпломная праца Ігара Уладзіміравіча. Магчыма,  таму ўспаміны аўтара аб рабоце над гэтым творам  былі асабліва кранальныя. Рэфрэнам гучалі словы: ”Гэта ўжо гісторыя…”. Сапраўды, прайшло 30 год… Наш госць нібыта акунуўся ў той час, калі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, ён, тады яшчэ студэнт, зацікавіўся творчасцю Язэпа Драздовіча. Ігар Уладзіміравіч знаёміўся з дзённікамі мастака, дасканала вывучаў  яго няпросты  лёс.

Маладому скульптару ўдалося перадаць багаты ўнутраны свет “вечнага вандроўніка”, у якім рэальнасць мяжуе з фантазіямі.

У музеі скульптура “Вечны вандроўнік” займае цэнтральнае месца ў экспазіцыі, прысвечанай Я.Н. Драздовічу. Пільна ўглядаюцца экскурсанты ў постаць “дзядзькі Язэпа”, які “крочыць”  праз гады ў будучыню. Уважліва слухаюць правілы, якімі кіраваўся ён у жыцці. Здаецца, гэта з вуснаў Язэпа Драздовіча гучыць парада:” Няма жыцця ў крайнасцях…Нішто не жывець, не расце ў агні. Нішто не жывець, не расцець і ў марозе. Толькі між агнём і марозам усё жывець, усё расцець, усё цвіцець, развіваецца, красуецца”

Менавіта талент і харызма нашага госця Ігара Уладзіміравіча спрыялі адлюстраванню ў  бронзе ўсіх  граняў  неардынарнай асобы  Язэпа Драздовіча.

Апоўдні мы развіталіся са скульптарам і яго сябрамі. Ігар Голубеў падзяліўся з намі фотаздымкамі адкрыцця помніка Язэпу Драздовічу ў Мінску ў  пачатку 90-х гадоў. 

Супрацоўнікам музея было вельмі прыемна бачыць аўтара скульптуры “Вечны вандроўнік” і паразмаўляць з нашымі гасцямі.

566