«Ноч музеяў — 2023»

Ах, якая цудоўная была “Ноч музеяў –2023” у Германавічах!

Ладзілася яна каля мастацка-этнаграфічнага музея імя Я.Н.Драздовіча. Дарэчы, дзядзьку Язэпу і прысвячалася.

Яшчэ да пачатку свята ў музей завіталі дзеці, каб прыняць удзел у квэсце “Таямніцы сядзібы Шырынаў”.

А пачалася праграма з прывітання да ўдзельнікаў імпрэзы Ігната і Марыяны Шырынаў (у іх ролі выступілі Людміла Навіцкая і Сяргей Рымдзёнак).

…І вось вядучая праграмы Таццяна Катовіч распачынае свята. Самыя цёплыя словы да заснавальніка і першага дырэктара музея Ады Эльеўны Райчонак, якая прысутнічала ў якасці ганаровага госця. Развіццё музейнай справы на Шаркаўшчыне – гэта сэнс яе жыцця. Менавіта Адзе Эльеўне належыць адкрыццё пяці музеяў на шаркаўшчынскай зямлі. У тым, што музей у Германавічах існуе яе вялікая заслуга.

У гэтую ноч гучала цудоўная музыка, ліліся песні, рамеснікі прапаноўвалі свае прыгожыя вырабы. Толькі дзіву даешся: колькі ж на шаркаўшчынскай зямлі таленавітых, творчых, неардынарных людзей.

Вялікі дзякуй супрацоўнікам раённага Цэнтра рамёстваў, раённага Цэнтра культуры, Іёдскага сельскаму дому культуры.

Вельмі прыемна таксама было супрацоўнікам музея атрымаць узнагароды і падарункі. Па даручэнні старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Шпяца Іна Шынкевіч ва ўрачыстай атмасферы і пад гучныя апладысменты прысутнай публікі ўручыла Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў.

Шмат добрых слоў у адрас музейшчыкаў сказала ў сваёй прамове старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Яўгенаўна Якімовіч і падарыла шэсць саджанцаў туі. Яны будуць высаджаны на алеі духоўнасці і культуры каля музея.

Спадзяёмся, што дарослыя і дзеці, якія наведалі “Ноч музеяў – 2023” у Германавічах не пашкадавалі!

374